ПРОЦІПАЖА́РНАЕ ВОДАЗАБЕСПЯЧЭ́ННЕ,
комплекс інж.-тэхн. збудаванняў для захоўвання і падачы вады да месца пажару. Бывае водаправоднае (унутр. і вонкавае, высокага і нізкага ціску) і бязводаправоднае (прыродныя і штучныя вадаёмы, спец. ёмістасці для захоўвання вады).
Проціпажарныя водаправоды ў нас. пунктах і на прамысл. прадпрыемствах звычайна аб’ядноўваюць з гасп.-пітнымі і вытворчымі; самастойныя будуюць для найб. пажаранебяспечных аб’ектаў. Пры адсутнасці водаправода вада падаецца спец. пажарнай тэхнікай з вадаёмаў і ёмістасцей. З вонкавых водаправодаў вада падаецца з пажарных гідрантаў перасоўнай пажарнай тэхнікай па пажарных рукавах або спец. трубаправодах з лафетнымі стваламі або арашальнікамі. Пажарныя водаправоды ўнутры будынкаў прызначаны ў асн. для тушэння пажару на пач. стадыі.
В.І.Якаўчук.
т. 13, с. 45
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)